Свята беларускай кухні

Родная мова пранікае ў чалавека ад зямлі, на якой ён нарадзіўся, ад людзей, сярод якіх ён жыве, ад бацькоў, якія далі яму жыццё і выгадавалі. Я.Колас пісаў, што роднае слова – гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акаляючы нас свет.

У мове гучыць сэрца і душа народа. У гэтым яшчэ раз упэўніліся вучні Кіраўскай школы, калі наведалі мерапрыемствы ў рамках тыдня беларускай мовы і літаратуры “З любоўю да роднага слова”, які праходзіў з 15 па 21 лютага.

У час “Вандроўкі па родным краі”, якая адкрывала тэматычны тыдзень, прагучалі цудоўныя словы беларускіх пісьменнікаў пра мову. Вучні ўпэўніліся, што кожнае слова ў нашай мове мае свой колер, і смак, і пах. У фае школы была аформлена выстава “З любоўю да роднага слова”. Вучні 9 – 11 класаў прынялі ўдзел у агульнанацыянальнай дыктоўцы, пад час якой яшчэ раз далучыліся да цудоўных твораў Івана Мележа, успомнілі пэўныя моманты з яго жыццёвага і творчага шляху. Пераможцамі дыктоўкі сталі А. Хуцкая (11 клас), В.Заўялава (9 клас), А. Кліменка (9клас), Я. Дзямешка (9кас).

Падчас тыдня вучні 5-6 класаў прымалі ўдзел у конкурсе “Разгадай-ка!”. Ім былі прапанаваны рэбусы і крыжаванкі, якія трэба было разгадаць і адказы даслаць па школьнай пошце. З вучнямі 7-8 класаў была праведзена інтэлектуальная гульня “Разумнікі і разумніцы”. У час гульні вучні пазнаёміліся з моўным этыкетам, тлумачылі значэнне слоў, прыгадалі беларускія народныя святы і абрады. Паказалі свае добрыя веды па раздзелах “Дзяржаўныя сімвалы”, “Культурная спадчына” і “Зямля пад белымі крыламі”.

На працягу тыдня ў школьнай бібліятэцы працавала кніжная выстава “І. Мележу -95”. Для старэйшых класаў па яго творах была праведзена літаратурная віктарына. Для вучняў 9 класа было прапанавана інтэрактыўная гульня “Краязнаўчы калейдаскоп”. Вучні пачатковых класаў пры дапамозе фарбаў і пэндзля паспрабавалі перадаць прыгажосць роднага краю, прыняўшы ўдзел у конкурсе малюнкаў “З’ядналіся з прыродаю душой”.

Тыдзень завяршыўся пазнаваўча-этнаграфічнай гульнёй “Свята беларускай кухні”. Вучні 5-9 класаў прыгадалі беларускія народныя гульні, пазнаёміліся з асаблівасцямі нацыянальнай кухні, даведаліся пра новыя беларускія стравы, тлумачылі прыказкі, разгадвалі загадкі. Вучні 5 класа сталі пераможцамі ў гульні.

Тыдзень прайшоў, а роднае слова тлумачыць і далей нам ўсе дзівы свету. І словы Лелі Багдановіч павінны гучаць як лейтматыў у нашым далейшым жыцці:

Давайце не цурацца нашай мовы,
Заўжды на мове роднай размаўляць,
Бо хіба ёсць пяшчотней што,
чым словы,
Якія з вуснаў матчыных гучаць.
Яна крынічкай срэбнаю булькоча,
У паднябессе птушкаю ляціць
І зоркай разганяе цемру ночы,
Дае нам сілы і жаданне жыць.

Зяленя Вольга Мікалаеўна,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры

Пакінуць адказ